Перайсьці да зьместу

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі
Абрэвіятура БРСМ
Папярэднік ГА «Беларускі патрыятычны саюз моладзі» і ГА «Беларускі саюз моладзі»
Дата ўтварэньня 6 верасьня 2002 (22 гады таму)
Тып маладзёвае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Штаб-кватэра Менск, вул. К. Маркса, д. 40, каб. 79
Сяброўства Рэспубліканская каардынацыйная рада кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў
1-ы сакратар ЦК Аляксандр Лук’янаў
Кіроўны орган Цэнтральны камітэт
Бюджэт 14 784 мільёны рублёў[1] (2010 год; 4938 тысячаў $[2])
Колькасьць валянтэраў 500 000[3]
Сайт www.brsm.by

Белару́скі рэспубліка́нскі саю́з мо́ладзі (БРСМ) — арганізаванае моладзевае аб’яднаньне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. У структуру БРСМ ўваходзіць піянэрская(ru) арганізацыя БРПА.

Дэкляраваныя мэты БРСМ — стварэньне ўмоваў для ўсебаковага разьвіцьця моладзі, раскрыцьця яе творчага патэнцыялу, садзейнічаньне разьвіцьцю ў Рэспубліцы Беларусі грамадзянскага грамадзтва, заснаванага на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасьцях беларускага народу.[4]

6 верасьня 2002 г. супольны аб’яднаўчы Зьезд БСМ і БПСМ абраў 1-м сакратаром Аляксандра Нахаенку, які дагэтуль быў дырэктарам дэпартамэнта па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь[5]. Паводле 1-га артыкула Статуту, «Грамадзкае аб’яднаньне „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ створана шляхам зьліцьця ГА „Беларускі патрыятычны саюз моладзі“ і ГА „Беларускі саюз моладзі“, зьяўляецца правапераемнікам Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі — Саюз моладзі Беларусі»[6].

Удзел і структура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэкамэндацыя БРСМ

Сябрам ГА «БРСМ» можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусі, асоба без грамадзянства і замежныя грамадзяне, якія стала жывуць у Рэспублікы Беларусь, калі ім больш за 14 і менш за 31 год, калі яны прызнаюць Статут і праграмныя дакумэнты ГА «БРСМ».

Найвышэйшым органам ГА БРСМ зьяўляецца Зьезд. Ён прымае рашэньні па любых пытаньнях дзейнасьці арганізацыі. Кіроўным органам зьяўляецца Цэнтральны камітэт, які каардынуе дзейнасьць паміж зьездамі. У склад Цэнтральнага камітэта ўваходзяць бюро і сакратарыят. Найвышэйшым кантрольным органам зьяўляецца Цэнтральная кантрольная камісія, якая кантралюе выкананьне Статуту, рашэньняў Зьездаў, канфэрэнцый, выбарных органаў і ажыцьцяўляе штогадовую праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці арганізацыі. Узначальвае Цэнтральную кантрольную камісію старшыня, кіруючы орган Цэнтральнай кантрольнай камісіі — бюро. Аналягічную структуру маюць абласныя, раённыя ды гарадзкія арганізацыі, у якіх найвышэйшым органам зьяўляюцца адпаведныя канфэрэнцыі. У менскі гарадзкі камітэт таксама ўваходзяць галіновыя камітэты ГА «БРСМ».[7]

Сымболікай ГА «БРСМ» зьяўляюцца двухбаковы сьцяг і эмблема. На іх залатымі літарамі пішуць назву арганізацыі. У якасьці фону выкарыстоўваюць чырвоны і зялёны колеры адпаведна дзяржаўнаму сьцягу Рэспублікі Беларусі. Часткова лагатып і структура паўтарае Камсамол.

Дзейнасьць БРСМ галоўным чынам падобная да дзейнасьці Савецкага Камсамолу. Большасьць акцый БРСМ накіравана на папулярызацыю беларускага патрыятызму. Яны заключаюцца ў цырымоніях ускладаньня вянкоў на помніках і мэмарыялах па ўсёй краіне. Сябры БРСМ таксама дораць кветкі вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны ў Дзень перамогі, у знак падзякі за іхнюю службу. Сябры БРСМ таксама ўдзельнічаюць у акцыі «За Беларусь!». БРСМ удзельнічае ў спаборніцтвах па футболе, хакеі і плаваньні. Бярэ ўдзел у лёгкаатлетычных кросах. Таксама арганізуюцца спартовыя спаборніцтвы паміж самімі сябрамі арганізацыі і з удзелам сяброў аналягічных арганізацыяў з-за мяжы. БРСМ арганізуе канцэрты, брала ўдзел у арганізацыі конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь-2004». БРСМ арганізуе будаўнічыя атрады, якія ўпершыню зьявіліся яшчэ ў Савецкім Саюзе.

13 студзеня 2003 г. Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб дзяржаўнай падтрымцы ГА «БРСМ», якім прадугледжваліся:

  1. улучэньне яго кіраўнікоў у склад калегіяў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
  2. рамонт будынку сядзібы аб’яднаньня за кошт урадавых сродкаў;
  3. утрыманьне мясцовых аддзяленьняў БРСМ коштам выдаткаў каштарысаў мясцовых органаў улады.

3-і пункт указу прызначаўся «для службовага карыстаньня» і не публікаваўся[8].

Асноўнае фінансаваньне БРСМ атрымлівае зь дзярж.бюджэта, але падтрымку БРСМ аказваюць і зь мясцовых бюджэтаў. Падрабязнай інфармацыя аб тым, на што трацяцца ўсе гэтыя грошы БРСМ не падае. Аднак можна з упэўненасьцю сказаць: выхад на самафінансаваньне БРСМ у аглядным будучым не пагражае.[9] Хаця яшчэ ў сакавіку 2009 году А.Лукашэнка ставіў перад БРСМ задачу пераходу на самаакупальнасьць да 2010 году.[9]. У 2011 годзе БРСМ атрымае фінансаваньне 20,5 млрд руб. (6,6 млн даляраў ЗША) — гэта 98% усіх грошай, прызначаных на моладзевую палітыку ў краіне[10].

Фінансаваньне БРСМ зь дзяржаўнага бюджэту:

  • 2005 год — 5,26 млрд руб.
  • 2006 год — 7,74 млрд руб.
  • 2007 год — 10,15 млрд руб.
  • 2008 год — 13,12 млрд руб.
  • 2009 год — 17,54 млрд руб.
  • 2011 год — 20,5 млрд руб.

Міжнароднае супрацоўніцтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Краіна Арганізацыя
Беларусь Камуністычная партыя Беларусі
Расея ЛКСМ РФ(ru)
Расея Маладая гвардыя Адзінай Расеі(ru)
Расея Расейскі саюз моладзі(ru)
Украіна Маладыя рэгіёны(ru)

Ня рэдкія выпадкі прымусовага «загону» ў БРСМ[11].

Міжнародныя санкцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 2024 году БРСМ ды першага сакратара яго ЦК Аляксандра Лук’янава дадалі ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[12]. У ліпені да гэтых санкцый далучыліся таксама Швайцарыя[13], Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Малдова, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя[14].

  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 15 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 15 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Алесь Безухер. Сёлета дзяржава дала БРСМ як ніколі шмат грошай // Generation.by, 3 сакавіка 2011 г. Праверана 27 траўня 2017 г.
  4. ^ БРСМ — О нас
  5. ^ Алена Дзядзюля. Праз год гэта будзе адзінае цэлае // Зьвязда : газэта. — 11 верасьня 2002. — № 218 (24597). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Статут Грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» // Зьвязда : газэта. — 3 верасьня 2002. — № 211 (24590). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ БРСМ — структура
  8. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 студзеня 2003 г. № 16 (рас.). Беларускі прававы партал (30 кастрычніка 2009). Праверана 15 сьнежня 2011 г.
  9. ^ а б Секретарь БРСМ: «В наших планах — получать европейское финансирование»
  10. ^ Амаль 100% грошай, вылучаных на моладзевую палітыку, забярэ БРСМ // Тэлеканал «Белсат», 17 студзеня 2011 г. Праверана 27 траўня 2017 г.
  11. ^ Матушыч, К. Ня ўступіш у БРСМ — будзеш здраднікам // Газэта «Наша ніва», 19 студзеня 2011 г. Праверана 27 траўня 2017 г.
  12. ^ Council Decision (CFSP) 2024/1738 of 24 June 2024 (анг.) EUR-Lex(be)
  13. ^ Ukraine: Switzerland adopts further sanctions against Russia (анг.) Фэдэральная рада Швайцарыі(be)
  14. ^ Statement by the High Representative on behalf of the EU on the alignment of certain third countries concerning restrictive measures in respect of actions undermining or threatening the territorial integrity, sovereignty and independence of Ukraine (анг.) Рада Эўрапейскага зьвязу(be)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі